Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта
Навiны
08.03.2021
З юбілеем, наш рэжысёр!

Вучыцца ў мастацтва, духоўна ўзбагачацца самому і выхоўваць мастацтвам іншых – так фармулюе сэнс сваёй творчай працы галоўны рэжысёр нашага тэатра Васіль Сявец, якому 7 сакавіка спаўняецца паўвекавы юбілей.

У гэтых словах, як і ва ўсім, што робіць Васіль Васільевіч у тэатры, выразна праяўляецца яго настойлівае імкненне да дакладнасці і прастаты. Развагі на тэатральныя тэмы ў галоўнага рэжысёра заўсёды звязаны з практыкай і цікавыя цэласнасцю творчых прынцыпаў. Выразнасць і абавязковасць пазіцый у мастацтве, умацаванне рэалістычных прынцыпаў, своеасаблівы культ жыццёвай праўды на сцэне – вось крэда слонімскага творчага тэатральнага калектыву, які ён узначальвае з 2011 года.

Васіль Сявец – летуценнік. Часам яго ўяўленне малюе захапляючыя карціны шматпланавых пастановачных рашэнняў, прасторавых пабудоў мізансцэн у афармленні, дзе святло, канструкцыі, фарбы і музыка ствараюць гранічна дасканалую і ў той жа час нейкую асаблівую атмасферу дзеянняў. Але ў сваім калектыве і на людзях ён марыць, калі шчыра казаць, у межах магчымасцяў свайго тэатра. Пры гэтым, Васіль Васільевіч заўсёды імкнецца пашырыць і ўмацаваць гэтыя магчымасці. Так што яго рэальныя летуценні ніколі не прыводзяць да драматычнага разрыву з магчымасцямі людзей, ствараюць упэўненасць калектыву ў сваёй працы. За ўсё гэта, найперш, і паважаюць у тэатры свайго галоўнага рэжысёра. За рэжысёрам артысты ідуць аддана, захопліваючы і тых, хто яшчэ сумняваецца і не вызначыўся ў адносінах да тэатральнага мастацтва. У тэатры няма асабліва дысцыплінарнага, “начальніцкага” падпарадкавання. Тут – унутранае аб’яднанне творчых аднадумцаў, людзей, якія па-сапраўднаму пасябраваў і захапіў дэвіз галоўнага рэжысёра – “Вучыцца і вучыць”.

Вядома ж, нічога гэтага не было б, калі б Васіль Сявец не валодаў сапраўдным рэжысёрскім талентам, прызваннем і самастойнасцю творчага мыслення. Адной прыстойнасці ў мастацтве, як вядома, мала. Вось чаму  Васіль Сявец з акцёра вырас у галоўнага рэжысёра тэатра. А пачалося гэта ажно ў 1993 годзе.

У той год на сцэне нашага тэатра адбылася прэм’ера спектакля з незвычайнай назваю “Свінячае жыццё”. П’есу напісаў былы студэнт Мінскага інстытута культуры Аляксандр Богдан. І паставілі яго студэнты-аднакурснікі Богдана – гэта быў іх дыпломны спектакль. У пастаноўцы  – толькі чатыры дзеючыя асобы: гаспадар, гаспадыня і парсюкі. Рабога парсюка тады іграў выпускнік інстытута Васіль Сявец. Гэта быў яго дэбют на прафесійнай сцэне. Маладому артысту спадабаўся калектыў, тая творчая атмасфера, якая існавала ў тэатры. Таму пасля заканчэння інстытута, Васіль Сявец прыехаў у Слонім і, як кажуць, асеў тут назаўсёды.

У верасні 1993 года галоўны рэжысёр тэатра, заслужаны работнік культуры Мікалай Варвашэвіч у спектаклі “Прымакі” па п’есе Янкі Купалы, прапанаваў яму сыграць роль Мацейкі. Бачна было, што малады артыст яшчэ мала адчуваў сцэну, скаванасць і нерашучасць не дазвалялі яму поўнасцю раскрыць вобраз беларускага закаханага юнака. Трэба быў час, каб па-сапраўднаму зразумець, што хочуць ад яго рэжысёры-пастаноўшчыкі і як павінен артыст іграць сваіх герояў.

Але час і новыя ролі спрыялі маладому таленту. У спектаклях для юных гледачоў “Хітрыкі бабы Ягі”, “Апошні дыназаўрык”, “Чырвоны каптурык”, “Чарадзейныя суніцы” і ў іншых малады артыст іграў ролі казачных, найперш станоўчых герояў, якіх любілі дзеці. Гэтыя героі былі шчаслівыя і добрыя, простыя і вясёлыя.

Найбольшыя здольнасці артыст Васіль Сявец праявіў у спектаклях для дарослых гледачоў. У першую чаргу ў спектаклях “Жарты Парыжа” па п’есе К.Манье рэжысёра Таццяны Дубік і “Камедыя” па п’есе У.Рудава ў пастаноўцы рэжысёра Віктара Небальсіна, дзе артыст выконваў ролі Блэза і жыда. Блэз, наогул, любімая роля Васіля Сяўца. Але вобраз жыда ў “Камедыі” – гэта сапраўдны поспех. Жыд у выкананні Васіля Сяўца атрымаўся тыповым, местачковым беларускім жыдам 1920-1930-х гадоў. І пластыка, і мова, і погляды – усё артыст удала спалучыў у вобразе свайго сцэнічнага героя.

Працуючы акцёрам у нашым драматычным тэатры Васіль Сявец хутка пачаў праяўляць здольнасць да мастацка-вобразнага мыслення, выразнасці і канкрэтнасці ўласнага сцэнічнага бачання пастановак, здольнасць выказваць думкі праз эмацыянальна-вобразнае вырашэнне драматычных твораў. Вядома ж, вялікае значэнне для рэжысёра маюць артыстычны талент, педагагічныя і арганізатарскія здольнасці. А яны ў яго ўжо былі, тым больш шмат Васілю дапамагаў у Слоніме галоўны рэжысёр тэатра Мікалай Варвашэвіч (1934-2001).

Першай самастойнай рэжысёрскай працай Васіля Васільевіча быў спектакль для дзяцей “Хачу быць чараўніцай” па п’есе Н.Нячаевай. Даволі лёгкая п’еса і з боку рэжысёрскай пастаноўкі, і па зместу. А вось другая дзіцячая сцэнічная казка па п’есе слонімскага драматурга Аляксея Якімовіча аказалася больш складанай, якая адрознівалася і зместам, і канфлікнымі сітуацыямі. Шмат прыйшлося Сяўцу дадумваць самому і за аўтара п’есы, і за  рэжысёра. Сёе-тое малады рэжысёр вырашаў сумесна з Мікалаем Варвашэвічам і з аўтарам п’есы. Напрыклад, ён хацеў зрабіць двухгаловага Добрага Змея. Але, параіўшыся з драматургам і з мастацкім кіраўніком тэатра Мікалаем Варвашэвічам, прыйшлі да высновы, што ў беларускім фальклоры, у беларускіх казках і паданнях няма двухгаловых і трохгаловых змеяў, ёсць проста вужакі, вужы, змеі аднагаловыя. Адсюль і трэба было сыходзіць. Што Васіль Сявец і рабіў.

Упершыню ў гэтым спектакль для дзяцей на сцэне Слонімскага драмтэатра быў уведзены элемент лялечнага тэатра – лялька, якая іграла побач з акцёрамі. І гэтаю пальчатачнаю лялькаю з’яўляўся сам Добры Змей.

Пасля пастаноўкі гэтых двух спектакляў, Васіль Сявец не толькі іграе ролі, як артыст, але і актыўна спалучае працу рэжысёра. Ён даволі ўдала і прафесійна ставіць шэраг іншых спектакляў для юных гледачоў. Асабліва ўвагу надае беларускім драматургам. На сцэне ажываюць героі беларускіх драматургаў Пятра Васючэнкі (“Новы калабок”), Алены Палешчанковай (“Мяфа”), Васіля Ткачова (“Аднойчы гарачым-гарачым летам”, Георгія Марчука (“Шмат прыгод пад Новы год”), “Генадзя Аўласенкі (“Як павука з луга праганялі”) і іншыя.

У 2005 годзе Васіль Сявец ставіць спектакль “Курыца” па п’есе Мікалая Каляды. Першая спроба для дарослых гледачоў аказалася даволі паспяховай. Рэжысёр і артысты здолелі захапіць гледача арыгінальна пабудаванай пастаноўкай і сапраўдным выканальніцкім майстэрствам.

Пасля гэтага дэбюту, рэжысёра Васіля Сяўца аказалася не стрымаць. Інтэлігентны, заўсёды стрыманы, але са сваёй уласнай думкай, Васіль Васільевіч часам бывае непазнавальны падчас рэпетыцый. Пільная творчая засяроджанасць, эмацыянальны парыў, тэмперамент заўзятага мастака на сцэне творыць цуд. І такі гарэзліва-апантаны творца зараджае выканаўцаў. Таму яго спектаклі  -- ці гэта складаныя сацыяльна-псіхалагічныя творы  Эрдмана “Самазабойца”, Баэра “Тустэп на фоне чамаданаў”, Ткачова “Белы ліст” ці камедыі Шарта “Маю жонку клічуць Марыс”, Бартохавай

“Нязваны госць”, Салагуба “Бяда ад пяшчотнага сэрца”, Галубка і Чужыніна “Вось табе і гоцаца”  -- заўсёды гранічна эмацыянальныя, хвалюючыя. Магчыма ў іх часам здараюцца асобныя промахі ў логіцы развіцця характараў ці некаторыя недагляды ў раскрыцці падзейных ліній спектакляў, але ўжо раўнадушша, рамесніцтва ці гульні на гледача ў іх ніколі не сустрэнеш.           

У 2017 годзе Васіль Сявец паставіў унікальны спектакль “Тарас на Парнасе” па п’есе Сяргея Кавалёва. У спектаклі занята ўся трупа тэатра. Гэты спектакль гледачы ўбачылі ў Бабруйску на VI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі. Як адзначала беларуская прэса, акцёры Слонімскага драматычнага тэатра пры дапамозе рэжысёра Васіля Сяўца здзейснілі неверагоднае. Іх імпрэза паводле класічнай паэмы, прадстаўленая на VI тэатральным фэсце ў Бабруйску, уразіла і юных, і сталых гледачоў.

Галоўны рэжысёр дзяржаўнага тэатра ў Слоніме працягвае працаваць сёння над новымі пастаноўкамі. Цяпер Васіль Васільевіч рэпетыруе спектакль “Мудрамер” па п’есе Міхаіла Матукоўскага. Гэта будзе нешта новае на слонімскай сцэне, дзе будзе паказаны і камедыя характараў, і камедыя сітуацый.

Да ўсяго сказанага вышэй пра Васіля Сяўца, хочацца дадаць, што ён быў у свой час лаўрэатам персанальнай дзяржаўнай надбаўкі за вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры, мастацтва і літаратуры. Ён узнагароджваўся рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама Ганаровай Граматай Гродзенскага аблвыканкама за плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва…

Але гэта ўсё між іншым, бо Васіль Васільевіч не вельмі любіць, калі яго заахвочваюць ці хваляць. Галоўнае, як ён лічыць, гэта здароўе. Бо калі будзе здароўе, тады будуць з’яўляцца новыя спектаклі і радаваць гледачоў. Ды і сам рэжысёр жыве і пастаянна вучыцца ў іншых вопытных майстроў сцэнічнага мастацтва і, вядома ж, вучыць сам. Таму яго спектаклі жывуць не толькі на сцэне, але і ў думках, і ў сэрцы. А таксама застаюцца ў памяці гледачоў.   

Сяргей ЧЫГРЫН

  Версія для друку
11.04.2021
Фестываль «Слонімскія цудадзействы”
26.03.2021
У нас – прэм’ера!
02.02.2021
Экскурсія па тэатру
21.01.2021
Юбілейная згадка пра заслужанага артыста
16.01.2021
Внимание! Вакансия!
30.12.2020
Навагоднія ранішнікі і спектаклі
15.12.2020
Пригласите сказку в дом!
11.12.2020
Внимание! Масочный режим!
02.12.2020
Насценны каляндар
12.11.2020
Приглашаем на новогодний праздник!
10.11.2020
Змяніўся рэжым працы касы тэатра
02.11.2020
Асобы ў гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва. Міхаіл Фрыдман
04.10.2020
Драматург Васіль Ткачоў – госць нашага тэатра
28.09.2020
Асобы ў гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва. Міхал Казімір Агінскі...
Страницы