Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта
Навiны
19.10.2021
Ён пісаў музыку да спектакляў...

Моладзь Слоніма пра кампазітара, паэта і мастака Міхаіла Гарабца (1921-1991), які пасля Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, нічога не ведае. Яго памятаюць толькі людзі старэйшага пакалення, найперш тыя, хто працаваў на ніве слонімскай культуры. А ў пасляваенны час гэты чалавек у горадзе над Шчарай быў вельмі папулярным і вядомым. Калі я патэлефанаваў былому начальніку аддзела культуры Слонімскага райвыканкама, а цяпер пенсіянеру Анатолю Мікалаевічу Цярэніну і сказаў, што хачу напісаць пра Міхаіла Гарабца матэрыял у газету, Анатоль Мікалаевіч ад пачутага аж павесяліў: “Гэта цудоўна! Міхаіл Іларыёнавіч быў унікальным чалавекам, вельмі шчырым, інтэлігентным, адукаваным. Ён добра разумеў народны гумар. Ён шмат карыснага зрабіў для нашай культуры. Без яго ў Слоніме не праходзіла не адно культмасавае мерапрыемства. Вельмі часта ўспамінаю Міхаіла Іларыёнавіча. Праўда, ён больш лічыў сябе паэтам, а не кампазітарам. Але найперш ён праявіў сябе ўсё ж, як кампазітар, музыкант, чалавек, які шчыра быў адданы песні і музыцы”.

Міхаіл Гарабец

         Сапраўды, Міхаіл Гарабец у пасляваенныя гады ў Слоніме з’яўляўся “славай і гонарам горада”, як згадала пра яго былы бібліятэкар Алена Лепка ў кнізе “Есть у города слава гордая”. Хаця Міхаіл Іларыёнавіч быў не беларусам і Слонім не з’яўляўся яго маленькай радзімай. Ён нарадзіўся 10 кастрычніка 1921 года на Украіне ў Днепрапятроўскай вобласці. Музыку палюбіў з самага маленства. А ў 15 гадоў ён ужо кіраваў аркестрам народных інструментаў.

         Калі пачалася вайна, юнак добраахвотнікам пайшоў на фронт. І ваяваў, вызваляючы разам з Савацкай Арміяй, беларускія гарады Оршу, Віцебск, Ліду, Гродна, так дайшоў да Кёнегсберга. А потым лёс прывёў яго ў Слонім, дзе да канца жыцця ён працаваў у Слонімскай дзіцячай музычнай школе (цяпер дзіцячая школа мастацтваў).  

         Міхаіл Гарабец не толькі вучыў дзетак іграць на музычных інструментах, ён прымаў непасрэдны ўдзел у самых розных мерапрыествах Слоніма і раёна. Творчая інтэлігенцыя горада ў другой палове ХХ стагоддзя, кажучы сучасным слэнгам, тусавалася каля Міхаіла Іларыёнавіча, а ён быў заўсёды з імі. Музыкант не толькі ўмеў іграць на многіх музычных інструментах, але і сам пісаў музыку і тэксты да песень. Яшчэ ў 1960 годзе ён напісаў песню “Слонімская лірычная”. Да сённяшніх дзён да яе звяртаюцца мясцовыя музыкі і салісты. А ў 1960-х-1980-х гадах без гэтай песні ў Слоніме не праходзіў ні адзін канцэрт. Было нават за гонар уключаць “Слонімскую лірычную” у свой рэпертуар. Песню перапісвалі ад рукі ў школах і клубах. Яе спявалі ўсе – і школьнікі, і дарослыя. Потым па просьбе чытачоў тэкст і ноты гэтай песні ў 1963 годзе апублікавалі на старонках Слонімскай раённай газеты.Былы кіраўнік Слонімскага аркестра народных інструментаў Марат Малікаў, назваў гэту песню гімнам Слоніма.

Напачатку 1970-х гадоў Міхаіл Гарабец напісаў некалькі дзесяткаў песень. Гэта песні на беларускай, украінскай і рускай мовах. Сярод якіх – “Квітней, наша маці – Радзіма” на словы паэта з Ваўкавыска Сяргея Бандарэнкі, “А пушча гамоніць…” на словы паэта Эдуарда Валасевіча, “Чырвоны клён” на словы Л.Тацьянічавай”, “Пісня серця” на свае ўласныя словы, “Залаты лянок” і “Калыханка” на словы Авяр’яна Дзеружынскага, “Развітанне” на словы Л.Кулікова і многія іншыя.

У 1963 годзе рэспубліканскі Дом народнай творчасці Беларусі ў Мінску выпусціў вялікі зборнік “У дапамогу калектывам мастацкай самадзейнасці”. Сярод песень у зборнік уключылі і песню Міхаіла Гарабца “Квітней, наша маці-Радзіма”.

Міхаіл Гарабец у той час вельмі любіў Слонімскі народны тэатр. Галоўным рэжысёрам тэтра быў Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Знайсці здольнага кампазітара, які б разумеў тэатральнае мастацтва і ўмеў музыкай узмацніць рэжысёрскую сцэнічную задумку, было сапраўдным шчасцем. Слоніму пашанцавала, бо жыў тады Міхаіл Іларыёнавіч. У той час ніякіх фанаграмаў не пісалі, а спектаклі музыкай суправаджалі аркестры. Аркестрам падчас спектакляў Слонімскага народнага тэатра дырыжыраваў Марат Малікаў, а музыку ствараў Міхаіл Гарабец.

Калі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч працаваў над спектаклямі, прыходзіў той дзень, які асабіста для яго быў радасным, святочным і нават урачыстым. Гэта дні першых рэпетыцый з музыкай. У такія дні ўжо адрэпеціраваныя сцэны спектакляў нібы зноў нараджаліся, убіраючы ў сябе святло аднаго з самых выдатных мастацтваў – музыку. Для Варвашэвіча гэтыя дні былі звязаныя з імем Гарабца. Гэта ён тады напісаў музыку да ўсіх спектакляў, якія рэжысёру прыйшлося паставіць у Слонімскім народным тэатры. Музыка Міхаіла Гарабца заўсёды была меладычнай. У ёй моцна спалучаліся народныя традыцыі і сучаснасць. Напрыклад, у спектаклі “Васа Жалязнова” кампазітар стварыў лейтматыў, які вельмі дакладна адпавядаў ідэі спектакля.

Праграмка спектакля, 1972 г.

Для драматычнага тэатра пісаць музыку не проста.У кампазітара павінны быць асаблівае, вобразнае ўспрыманне п’есы,яе драматургіі, разуменне задумкі рэжысёра і акцёрскіх магчымасцей. Словам, трэба быць “тэатральным чалавекам”, каб выпалі на долю такія ўдачы, як музыка Міхаіла Гарабца да спектакляў “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы, “Дзіўны доктар” па п’есе Анатоля Сафронава, “Ганка” па п’есе Уладзіслава Галубка, “Васа Жалязнова” па п’есе Максіма Горкага. Бывала так, што песні, напісаныя да спектакляў, пераходзілі свае межы і станавіліся ўпрыгожаннем нейкай канцэртнай праграмы. Так здарылася і з песнямі Міхаіла Гарабца да спектакля “Дзіўны доктар”: песні “Ля сцяжынкі, ля дарожанькі” і “Лодачка” гучалі пазней на многіх канцэртах. Музыку слонімскім кампазітарам да спектакляў нельга было напісаць толькі дзякуючы яго таленту. Такую музыку ён пісаў жыццём і сэрцам. У яго было яркае меладычнае дараванне. Песні кампазітара запаміналіся і лёгка спяваліся. Іх інтанацыі быццам падслуханы ў жыцці. У песнях Гарабца працуюць, думаюць, любяць, кахаюць, разлучаюцца і знаходзяць адзін аднаго цікавыя нам людзі. Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч пры жыцці неяк шчыра прызнаўся пра Міхаіла Гарабца, што “з павагай заўсёды я адчуваю яго ў нашай супольнай рабоце не толькі як чалавека, што напісаў музыку да спектакляў, але і як аднаго з аўтараў калектыўнай працы, які заўсёды стаіць разам з намі і ў задумках, і падчас рэпетыцый, і тады, калі спектаклі ўжо падрыхтаваныя да прэм’еры”.

Рэжысёр і кампазітар у свой час вельмі адчувалі вялікую адказнасць перад мастацтвам і гледачамі, і гэтая адказнасць ім заўсёды дапамагала. І Мікалай Варвашэвіч жадаў, каб заўсёды на тэатральных афішах было напісана “Музыка Міхаіла Гарабца”. Так яно і было, пакуль жыў у Слоніме Міхаіл Іларыёнавіч.

У 1976 годзе ў Таліне адбыўся трэці па ліку традыцыйны фестываль народных тэатраў Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Талінскі глядач вельмі цёпла сустракаў выступленне Слонімскага народнага тэатра, які паставіў спектакль “Папараць-кветкі” па п’есе Івана Козела. Спектакль рэжысёра Мікалая Варвашэвіча адразу прывабіў гледачоў сваёй музычнасцю, этнаграфічнай дакладнасцю, пластычнасцю пабудовы мізансцэн масовак, ансамблевасцю пастаноўкі. А музыка, напісаная Міхаілам Гарабцом, у выкананні аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава, здзівілі ўсіх гледачоў арыгінальнасцю і народнасцю, прынеслі на эстонскую зямлю подых беларускага краю. Пра гэта ў той час пісалі многія сродкі масавай інфармацыі.

Прозвішча кампазітара Міхаіла Гарабца некалькі дзесяцігоддзяў не сыходзіла з афіш, яго песні гучалі па рэспубліканскім і абласным радыё, ён часта выступаў на Беларускім тэлебачанні разам са слонімскім аркестрам і народным тэатрам. А яшчэ Міхаіл Іларыёнавіч пісаў вершы, найбольш іх былі прысвечаны вайне, якую франтавік прайшоў ад Ржэва да Кёнігсберга…

Вось такі чалавек жыў у ХХ стагоддзі ў Слоніме. А прыгадаў я Міхаіла Гарабца з нагоды яго 100-гадовага юбілею, які сёлета супаў з Днём работнікаў культуры.

     Сяргей Чыгрын

         Фотаздымкі з архіва аўтара

  Версія для друку
29.11.2021
Софиты малой сцены (Интервью директора театра Ткачёва А.Н.)
28.11.2021
У Слоніме выступіў Новы драмтэатр (Мінск)
27.10.2021
Запрашаем на “Чамаданны настрой”
05.10.2021
Нашы спектаклі паглядзяць гледачы Маладзечна
19.09.2021
Гродзенскія артысты пакажуць два спектаклі…
02.09.2021
Гістарычны квэст у нашым тэатры
30.08.2021
Тэатр распачаў 32-гі тэатральны сезон
21.07.2021
Гледачоў чакае прэм'ера спектакля «Мудрамер”
26.06.2021
Выстава “Подых душы”
12.06.2021
Спектакль “Мудрамер” хутка пабачаць гледачы
31.05.2021
Узнагароджаны пераможцы конкурсу дзіцячых малюнкаў
14.05.2021
Падведзены вынікі конкурсу дзіцячых малюнкаў
27.04.2021
Уладзіміру Чыкмінёву – 55
19.04.2021
“ТрыТфармаТ” паказаў два спектаклі
Страницы