Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта
Навiны
02.11.2020
Асобы ў гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва. Міхаіл Фрыдман

Асобы ў гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва

Наш сайт працягвае знаёміць чытачоў з асобамі, якія пакінулі значны след у гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва, пачынаючы ад Міхала Казіміра Агінскага і да тых рэжысёраў, мастакоў і артыстаў, якія працавалі ў нашым дзяржаўным тэатры.

 

Міхаіл Фрыдман

Тэатральны рэжысёр Міхаіл Фрыдман прыехаў у Слонім у лістападзе 1948 года.  Яшчэ ў развалінах ляжаў старажытны Слонім пасля Другой сусветнай вайны, але развешаныя ўсюды афішы паведамлялі аб першым спектаклі толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага гуртка. Кіраўніком гуртка тады быў дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. У 1977 годзе яму прысвоілі званне заслужанага артыста Беларусі. Як удзельнік Слонімскага драматычнага гуртка ў 1951 годзе ён быў узнагароджаны дыпломам на Рэспубліканскім аглядзе сельскай самадзейнасці за выкананне роляў Курачкіна ў спектаклі “Вяселле з пасагам” па п’есе М.Дзяканава і Швандзі ў спектаклі “Любоў Яравая” па п’есе К.Трэнёва.

У лістападзе 1948 года Аляксандр Бялоў разам з Міхаілам Фрыдманам паставілі ў Слоніме свой першы спектакль “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава. Менавіта на гэтую прэм’еру клікалі слонімцаў развешаныя ўсюды афішы. Дарэчы, Міхаіл Фрыдман прыехаў у Слонім маючы за плячыма вялікі тэатральны вопыт.

(Калектыў Слонімскага народнага тэатра)

Родам ён быў з Варшавы, дзе з’явіўся на свет 29 сакавіка 1894 года. У 1910-1927 гадах вандраваў як акцёр з яўрэйскімі вандроўнымі тэатральнымі трупамі па Украіне і Беларусі, а таксама скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва”. Дарэчы, у 1932 годзе група студэнтаў тэатральнага вучылішча пры Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатры, якія займаліся на курсе народнага артыста СССР С.М.Міхаэлса, заявілі аб сваім жаданні пасля заканчэння вучобы паехаць на Далёкі Ўсход, каб стварыць там малады Яўрэйскі абласны нацыянальны тэатр. У складзе тэатральнай групы рэжысёра Марка Рубінштэйна былі і Міхаіл Фрыдман са сваёй жонкай.

А пасля вайны Міхаіл Фрыдман асеў на васемнаццаць гадоў у Слоніме. Менавіта Міхаіл Фрыдман узначаліў у тыя першыя пасляваенныя гады тэатральны гурток Слонімскага РДК, а Аляксандр Бялоў быў кіраўніком танцавальнага гуртка. Вопытны рэжысёр Фрыдман сур’ёзна працаваў над першым спектаклем, хаця яму было даволі цяжка. Не хапала дэкарацый, касцюмаў. Выручала толькі адно: для ўсіх патрэбны былі толькі вайсковыя мундзіры. А іх дастаткова пакінула вайна.

Тады ў 1948 годзе драмгурток атрымаў ад слонімцаў першыя апладысменты. Спектакль меў поспех. Яго паказвалі 32 разы. Ён і замацаваў веру самадзейных артыстаў і рэжысёра ў свае сілы. Пачалася сур’ёзная, мэтанакіраваная работа на сцэне, якая не спынялася дзесяцігоддзямі. Колькі пакут творчасці, памылак і расчараванняў пераносіў кожны артыст, пакуль іх гульня рабілася сапраўднай, пакуль кожны самастойна выходзіў на сцежку ўпэўненасці. Але рос талент артыстаў. Ён мацнеў на рэпетыцыях, раскрываўся ва ўсёй сваёй сіле на сцэне і гастролях.    

У Слоніме ў драматычным гурку, з першых яго крокаў, была абвешчана бязлітасная барацьба з дылетанцкімі захапленнямі, абыякавымі адносінамі да заняткаў у гуртку. У пакоі, дзе праходзілі рэпетыцыі гуртка, знаходзіўся вялікі партрэт К.С.Станіслаўскага, а ў нізе яго словы: “Любі мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве”.

За час знаходжання ў Слоніме Міхал Фрыдман ажыццявіў пастаноўкі 27 спектакляў, сярод іх былі і лепшыя – “Выгнанне блудніцы” І.Шамякіна, “Вяселле з пасагам” М.Дзяканава, “Любоў Яравая” К.Транёва, “У добры час” В.Розава, “Кухарка замужам” А.Сафронава, “Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага, “Апошнія” М.Горкага, “Нячыстая сіла” Г.Стафанскага, “У бэзавым садзе” Ц.Саладара і многія іншыя. А ў 1959 годзе драматычны гурток Слонімскага РДК атрымаў званне народнага тэатра.

(Міхаіл Фрыдман (стаіць крайні злева) з калектывам Слонімскага народнага тэатра)

У пачатку лютага 1964 года слонімскія артысты прывезлі ў Мінск спектакль “Апошнія” па п’есе Максіма Горкага. Прэм’ера адбылася ў сталіцы ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Паглядзець спектакль прыйшлі старэйшыя майстры беларускай сцэны – Ларыса Александроўская, Канстанцін Саннікаў, Вера Пола, Сцяпан Бірыла і іншыя. Зала тэатра была перапоўнена. Перад пачаткам спектакля перад гледачамі выступіла народная артыстка СССР Ларыса Александроўская, якая шчыра павітала артыстаў са Слоніма, а таксама сказала, што ў спектаклі ролю Соф’і іграе народная артыстка Беларусі Вольга Галіна.

Спектакль сталічным гледачам спадабаўся. Пра гэту падзею напісалі амаль усе беларускія газеты. Пастаноўка таксама была паказана Мінскай студыяй тэлебачання. Тэатральны крытык Арсень Лабовіч у газеце “Знамя юности” 27 лютага 1964 года пісаў: “Дасягненне адзінства мастацкага стылю з’яўляецца пацвярджэннем высокага рэжысёрскага майстэрства пастаноўшчыка, кіраўніка Слонімскага народнага тэатра М.І.Фрыдмана. Усе выканаўцы аб’ядноўваюць свае намаганні вакол галоўнай ідэі спектакля – раскрыць перад гледачамі бесперспектыўнасць грамадскіх адносінаў, дзе чалавек чалавеку воўк. У гэтым – сучаснасць і актуальнасць пастаноўкі. Выканаўцы разумеюць, адчуваюць свае задачы, адчуваюць эпоху. Гэта добра. Разам з тым гэтыя індывідуальныя мэты не заўсёды зліваюцца ў агульную звышзадачу спектакля, у асобных сцэнах не хапае пачуцця ансамбля. Праўда, выключна вялікую дапамогу ў гэтым сэнсе аказала калектыву Вольга Уладзіміраўна Галіна. Сваёй выдатнай гульнёй яна не толькі ўзбагаціла калектыў сцэнічным вопытам, – яе выкананне нібы сцэментавала творчыя намаганні астальных выканаўцаў вакол вобраза Соф’і”.

За спектакль “Апошнія” калектыў Слонімскага народнага тэатра і яго рэжысёр Міхаіл Фрыдман, а таксама артыстка Вольга Галіна, атрымалі падзяку ад Міністэрства культуры БССР.

Добра быў падрыхтаваны і меў поспех спектакль у пастаноўцы Міхала Фрыдмана “Глыбокая плынь” па п’есе Івана Шамякіна. П’еса расказвала пра гераічную барацьбу беларускіх людзей у гады Другой сусветнай вайны.  Спектакль у канцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў выклікаў гарачыя пачуцці гледачоў. Многія ўдзельнікі вайны, калі глядзелі гэтую сцэнічную пастаноўку, плакалі, міжволі перакідваліся думкамі ў гады вайны і зноў перажывалі за сцэнічных герояў, як за сваіх сяброў.

У 1961 годзе Міхаіл Фрыдман паставіў спектакль “Кухарка” па п’есе А.Сафронава. Працягам гэтай камедыі праз год стаў спектакль “Кухарка замужам”. Як з добрымі знаёмымі гледачы сустрэліся з кубанскімі калгаснікамі Паўлінай і Сцяпанам Казанцамі, Галінай Чайкай, Андрэем Пчолкам і іх сябрамі. Хаця ў новым спектаклі былі тыя ж лірычныя канфлікты, аднак многае змянілася. Цяпер ужо Паўліна і Галя адчувалі сваю жаночую перавагу над мужамі. Узнікалі новыя непаразуменні. Але па-ранейшаму ў зале не сціхаў смех. У спектаклі было шмат гумару, рэжысёрскай фантазіі, імправізацыі акцёраў. Пра ўсе спектаклі Слонімскага народнага тэатра тады пісалі многія газеты і часопісы. Кожная прэм’ера ў пастаноўцы Міхаіла Фрыдмана асвятлялася ў друку.

У сярэдзіне 1960-х гадоў Міхаіл Фрыдман развітаўся са слонімскім тэатральным калектывам. А яго ў 1968 годзе замяніў Мікалай Варвашэвіч…

(Перад паездкай на гастролі)

(Слонімскі народны тэатр. Сцэна са спектакля Шляхі-дарогі па п'есе А.Фёдарава. Рэжысёры А.Бялоў, М.Фрыдман, 1948 г.)

(Слонімскі народны тэатр. Сцэна са спектакля Шляхі-дарогі па п'есе А.Фёдарава. Рэжысёры А.Бялоў, М.Фрыдман, 1948 г.)

                                                                                                                                   Сяргей ЧЫГРЫН

  Версія для друку
12.11.2020
Приглашаем на новогодний праздник!
10.11.2020
Змяніўся рэжым працы касы тэатра
04.10.2020
Драматург Васіль Ткачоў – госць нашага тэатра
28.09.2020
Асобы ў гісторыі Слонімскага тэатральнага мастацтва. Міхал Казімір Агінскі...
08.09.2020
Мы едзем у Маладзечна, яны – да нас...
19.06.2020
Пакуль жыве памяць
14.05.2020
Пачаўся новы тэатральны сезон
30.03.2020
Адсвяткавалі юбілей!
11.03.2020
Небяспечная казка
26.01.2020
Пра наш тэатр у “Сельскай газеце”
13.01.2020
Новыя каляндарыкі на 2020 год
22.12.2019
Святочныя ранішнікі
02.12.2019
Спектакль “Дом Бернарды Альбы” хутка ўбачаць гледачы
02.12.2019
Едзем у Маладэчна
Страницы